Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць

У артыкуле разглядаюцца стасункі паміж ідэяй універсітэта і працэсамі развіцця грамадзянскай супольнасці ў незалежнай Беларусі, раскрываюцца розныя аспекты гэтых судачыненняў. У першай частцы высвятляюцца сувязі паміж практыкамі і этасам, якія традыцыйна існавалі ва ўніверсітэтах, з асноўнымі ідэямі і нормамі паўставання грамадзянскай супольнасці. У другой частцы аўтары звяртаюцца да аналізу існавання ўніверсітэтаў у закрытых грамадствах і разглядаюць палітыку дзеючых беларускіх уладаў у дачыненні да ўніверсітэтаў і, перш за ўсё, да існавання ў іх межах норм акадэмічнай свабоды і аўтаноміі. Трэцяя частка прысвечана аналізу практыкі “засваення” ідэі ўніверсітэта ў беларускім грамадстве праз дыскусіі і праблематызацыю з боку інтэлектуальнай супольнасці Беларусі. У апошняй частцы аўтары звяртаюцца да аналізу альтэрнатыўных практык акадэмічна-адукацыйнай працы і існавання “акадэмічнай супольнасці” ў беларускім грамадстве.

Самавызначэньне беларускага інтэлектуала

Перш чым фармуляваць нейкія дадатныя меркаваньні аб інтэлектуалах, варта абазначыць, чым альбо кім інтэлектуалы ня ёсьць, г. зн. задаць колькі катэгарыяльных апазыцыяў. На адным з палюсоў кожнай з апазыцыяў будзем разьмяшчаць інтэлектуалаў, а на другім тую катэгорыю, якая супрацьпастаўляецца інтэлектуалам, г. зн. чым альбо кім інтэлектуалы не зьяўляюцца.